Ксёндз-біскуп, які параўнальна нядаўна кіруе дыяцэзіяй, праінфармаваў гасцей, што працягваў адведваць розныя парафіі, сустракацца са святарамі і вернікамі. Гэта традыцыя была закладзена яшчэ яго папярэднікам – Уладзіславам Блінам.
Па словах біскупа Алега Буткевіча, сёння асабліва патрабуе ўвагі ўсходняя частка дыяцэзіі, дзе парафіяльнае жыццё толькі зусім нядаўна пачало аджываць. Тут часам востра стаіць фінансавае пытанне, гэта тычыцца заканчэння пабудовы і рамонту культавых будынкаў альбо ўтрымання святароў.
Затое ў невялікіх парафіяльных супольнасцях вернікі часам больш адчуваюць лучнасць, свараючы своеасаблівую сямейную атмасферу, дзе людзі добра ведаюць адно аднаго, і ў гэтым ёсць пэўны плюс і прыклад для вялікіх парафій.
Працягваецца практыка цеснага супрацоўніцтва з органамі ўлады і ВНУ ў плане правядзення навуковых мерапрыемстваў. Так, значнай падзеяй стала штогадовая медыцынская канферэнцыя “Праблемы медыцынскай этыкі ў сучасным свеце” ў ВДМУ, якая сёлета ў чэрвені прайшла ўжо ў 12-ы раз. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, а таксама Ватыкана, Італіі, Польшчы, Шры-Ланкі, Нігерыі і іншых краін.
А літаральна днямі ў ВДУ імя П. Машэрава адбылася ІІ навукова-практычная канферэнцыя “Божае Нараджэнне як феномен агульначалавечай культуры”. У ёй узялі ўдзел святары, выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта, навучэнцы гродзенскай семінарыі, прадстаўнікі абласной улады. Па матэрыялах выпушчаны зборнік дакладаў.
Пацікавіўся, як праходзілі сустрэчы біскупа з Папам Рымскім Францішкам, які ў снежні адзначыў сваё 80-годдзе. Алег Буткевіч прызнаў, што ўражанні самыя моцныя. Пантыфік добра адчувае патрэбы і стан чалавека. У кастрычніку біскуп разам з апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам падарылі яму выдадзены ў Мінску пераклад на беларускую мову асабістага твора “Імя Бога – Міласэрнасць”. Каталіцкі іерарх падзякаваў за такі прыемны падарунак.
Таксама вельмі важным застаецца пытанне наведання пантыфікам Беларусі, бо яна застаецца адной з нямногіх еўрапейскіх краін, дзе ён яшчэ не быў. Але зрухі ў гэтым накірунку ёсць. Прынамсі, новапрызначаны нунцый назваў падрыхтоўку візіту адной з найгалоўных сваіх задач. Паўстануць новыя святыні
Задавалі прысутныя і пытанні пра новыя культавыя будынкі. У тым ліку пра аднаўленне касцёла Святога Антонія на плошчы ля ратушы ў Віцебску. Гэта вельмі важная і адказная справа, лічыць Алег Буткевіч. Галоўная задача – прадставіць гарантыі фінансавання будаўніцтва. У любым выпадку канчаткова пытанне будзе вырашацца на рэспубліканскім узроўні. Таксама ў бліжайшы час мяркуецца пачаць будаўніцтва касцёла парафіі Святога Уладзіслава ў густанаселеным раёне Білева абласнога цэнтра, а таксама Езуса Міласэрнага ў Паставах. Апроч таго, у планах дыяцэзіі аднавіць капліцу ХІХ ст. у батанічным садзе.
Важная тэма і новыя святарскія пакліканні. Быў перыяд, калі ў Беларусь прыходзілася запрашаць святароў з-за мяжы. Сёння распазнаць пакліканне маладому чалавеку ў многім дапамагае праца душпастыраў. Але пытанне святарства – гэта пытанне адносінаў чалавека з Богам, які дапамагае яму адкрыцца на гэты заклік.
Зараз у духоўных семінарыях нашай краіны навучаюцца 4 юнакі з Віцебскай вобласці. Таксама свой намер ісці шляхам святарства выказалі некалькі маладых людзей, якія пакуль атрымліваюць сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Наогул у такой справе колькасць не галоўнае. Недастаткова, каб былі святары: важна, каб узровень іх фармацыі адпавядаў патрабаванням часу, каб яны былі адданымі божай справе.
Пад такой назвай у калядныя дні традыцыйна праходзіць фестываль, у рамках якога адбываюцца разнастайныя мерапрыемствы. Гэта выставы дзіцячай творчасці у абласным мастацкім музеі, літаратурная сустрэча творчай інтэлігенцыі ў касцёле Езуса Міласэрнага.
У праграме фестывалю – канцэрты парафіяльных хораў і артыстаў дзяржаўнай абласной філармоніі, калядныя віншаванні з удзелам дабрачыннага таварыства “Карытас” для дзетак, што ў святочны час знаходзяцца ў шпіталях, чытацкія сустрэчы. Цікавым абяцае быць конкурс нацыянальных батлеек з удзелам дзіцячых калектываў каталіцкіх парафій і творчых суполак. Ён пройдзе 5 студзеня ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі “Спадчына” Віцебска (ля чыгуначнага вакзала).
Ксёндз-біскуп шчыра падзякаваў кіраўніцтву тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, якая арганізуе прамую трансляцыю вігілійнай службы сёння вечарам з віцебскага касцёла Святога Духа. Гэта вельмі важна для тых людзей, якія па розных прычынах не могуць наведаць у святы дзень бажніцу, але маюць патрэбу жыць паўнавартасным рэлігійным жыццём.
Варта адзначыць, што, як і раней, сустрэча з прэсай прайшла ў выдатнай цёплай атмасферы. Скончылася ўсё братэрскай бяседай з кавай і печывам ды традыцыйным падзелам аплатак паміж прысутнымі.
Алесь Бынькоў. Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА. «Витебские вести».