Выборы 2025
Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Сярод самых ураджайных гаспадарак вобласці — СВК «Альгоўскае»

09.08.2016 Надвор’е ў гэтым годзе напачатку ўборачнай паставіла хлебаробаў у экстрэмальныя ўмовы. Большасць зямель паўночнага рэгіёна адносіцца да рызыкоўнага земляробства, таму кожны цэнтнер збожжа даецца вялікімі намаганнямі. Без адладжанай тэхналогіі пра высокія ўраджаі можна толькі марыць. У гэтым упэўнены працаўнікі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Альгоўскае», які шмат год не страчвае перадавых пазіцый. Спецыялісты гаспадаркі штогод у складзе чаканых гасцей на абласных «Дажынках».

Як альгоўскія хлебаробы сёлета трымаюць прафесійныя іспыты, расказвае галоўны аграном Дзяніс Бераснеў.

— Дажджы не толькі замарудзілі тэмпы, але і павялічылі выдаткі на дапрацоўку зерня да аптымальнай кандыцыі на зернесушыльным комплексе, — адзначае Дзяніс Алегавіч. — У мінулым годзе ўраджай здавалі з 12-13-працэнтнай вільготнасцю (пры базіснай — 14,5 працэнта), пры гэтым штодзень у хлебныя засекі адпраўлялі да 750 тон збожжа, зараз за дзень малоцім максімум 450 тон, у сярэднім 5 працэнтаў да плана. Каб праца ішла спарней, на палях дзяжурыць спецтэхніка. Механізатары на трактарах падстрахоўваюць экіпажы, якія вязнуць на размытых дажджамі палетках. На днях камбайны «пераабулі» ў шырокапрофільныя арачныя шыны. Але пакуль з усімі прынятымі мерамі застаюцца кавалкі, якія вымушаны мінаваць, чакаем, калі сонца падсушыць зямлю. Тэхніка для зручнасці разгрупавана па культурах і гатунках. Галоўнае — не хуткасць, а якасць уборкі, нельга нават малую частку ўраджаю пакінуць на полі.

Самы высокі вынік (60 цэнтнераў з гектара) дае трыцікале, азімая пшаніца — 45 цэнтнераў з гектара, а 49 — сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па гаспадарцы.

Закладваючы падмурак надзейнай кармавой базы, на прадпрыемстве 200 гектараў пасяўной плошчы сёлета аддалі пад яравы рапс.

— Гэта культура — капрызная і нятанная, — запэўнівае галоўны аграном, — патрабуе пэўных прыродных умоў і строгага захавання элементаў тэхналогіі вырошчвання. У гэтым годзе пасеялі высокапрадукцыйны гібрыд. Не абышлося без цяжкасцяў. Нягледзячы на небывалае нашэсце капуснай молі і іншых шкоднікаў, ураджай уратавалі, прымяняючы розныя групы пестыцыдаў. Ва ўмовах дэфіцыту (у многіх рэгіёнах культура складана перанесла зімоўку, з вялікімі стратамі пасеваў), кошт на рапсавае семя павінен значна ўзрасці. Таму спадзяёмся, што нават пры ўраджайнасці 20 цэнтнераў з гектара ўсе выдаткі і клопаты з рэштай акупяцца.

На сённяшні дзень не менш, чым вынік жніва, хвалюе агранамічную службу таксама лёс ураджаю гародніны, бо СВК «Альгоўскае» — адна з базавых гаспадарак, якая забяспечвае вітамінным запасам установы горада. Празмерная вільготнасць можа не лепшым чынам адбіцца на якасці захоўвання капусты, якая яшчэ знаходзіцца ў перыядзе вегетацыі. Каб максімальна знізіць рызыку, ураджай неабходна ўбраць у максімальна кароткі тэрмін.

Важная ўмова тэхналагічнага рэгламенту — выкарыстанне якаснага насення. СВК «Альгоўскае» мае статус элітгаса і на сваіх палетках практыкуе вырошчванне тых гатункаў, якія найбольш прыстасаваныя да прыродна-кліматычных умоў рэгіёна і на выхадзе даюць добры вынік. Напрыклад, высокую прадукцыйнасць далі гатункі азімай пшаніцы «Сюіта», трыцікале «Праметэй» і «Дынама», якія альгоўскія спецыялісты прапануюць набыць гаспадаркам, каб атрымаць высокі ўраджай.

Аднак, як падкрэсліў Дзяніс Алегавіч, якаснае насенне не пазбаўляе гаспадароў ад своечасовых мерапрыемстваў па догляду за пасевамі, бо ў тэхналогіі земляробства дробязей не існуе.

…Пад’язджаем да ўрочышча Старына, дзе гаспадарыць калега Дзяніса Бераснева — вядучы аграном аддзялення Бабінічы Сяргей Жаваранкаў. Ён таксама справу сваю ведае, аддаўшы прафесіі 34 гады. Знаёміць з камбайнерамі. Усе 6 экіпажаў на кароткі час пакінулі штурвалы палявых караблёў, каб паабедаць. У меню — халаднік і дранікі.

Мяркуючы па тым, як хутка пусцеюць талеркі і гучаць шчырыя словы падзякі ў адрас раздатчыцы Марыям Суфараўны, палявым харчам мужчыны задаволеныя.

— Абеды заказваем гатовыя на камбінаце хлебапрадуктаў, — расказвае намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Ірына Палякова, якая таксама прыехала падтрымаць працоўны дух хлебаробаў. — З механізатараў вылічваецца толькі 20 адсоткаў ад іх кошту. Акрамя гэтага, кожны атрымлівае сухі паёк на вечар, у складзе якога абавязкова ёсць мяса. Узначальваюць экіпажы Сяргей Воранаў, Аляксандр Камароўскі, Дзмітрый Зайцаў, Аляксей і Канстанцін Мясаедавы, Андрэй Наскоў.

Усе камбайнеры — мясцовыя, многія станавіліся не толькі лідарамі прафесійных спаборніцтваў, але і героямі газетных публікацый.

— Цяжка каго вылучыць, — адзначае Ірына Палякова. — І па выніках працы нават ідуць амаль у адзін узровень. Многія хлебаробы ўжо у другім і трэцім пакаленні, а некаторыя нават працуюць плячо ў плячо з бацькамі. Напрыклад, у якасці памочніка камбайнера на жніве заняты сын Дзяніса Алегавіча — Арцём, узначалілі экіпажы бацька і сын Мясаедавы. Кожны дастойны самай шчырай хвалы, бо, самае галоўнае, надзейныя і любяць сваю справу!

Андрэй ЗАХАРАЎ, «Витьбичи».

Теги : Витебский район, сельское хозяйство, экономика
Версия для печати