Генпадрадчык – трэст “Полацксельбуд” – з задачай справіўся паспяхова. Капітальны рамонт і мадэрнізацыю дашкольнай установы правёў своечасова і якасна, прычым не спыняючы яе работы. Больш за паўгода будаўнікі і дзятва былі суседзямі і як добрыя сябры стараліся не абцяжарваць жыццё адзін адному. Цяпер каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі выдатныя ўмовы. Прыкладна 1600 тысяч рублёў укладзены ў рамонт будынка, камунікацый, унутраных памяшканняў, якія аснасцілі новай мэбляй і інвентаром. Адным словам, усё тут новае і сучаснае. Нават расфарбоўка будынка, спальняў, сталовай, калідораў – вясёлая і прыемная воку – стварае пазітыўны настрой.
Кіраўніцтва раёна, калектыў ясляў-сада дзякавалі “Полацксельбуду” і яго субпадрадчыкам – ААТ “Ведабуд”, “Аута”, “Белагра”, Глыбоцкай ПМК-47 і Браслаўскай ПМК-42 за старанную работу.
І вось традыцыйная чырвоная стужка перарэзана, госці прайшлі ў будынак. На свае вочы пераканаліся ў якасці аддзелачных работ, пабачылі цудоўную мэблю – сталы, стульчыкі, шафы, сцелажы, ложкі, выпушчаныя віцебскімі мэбельшчыкамі ААТ “Паставымэбля” і “Лагратрэйд”, ацанілі дызайн інтэр’ера, створаны супрацоўнікамі ясляў-сада. Гасцей вітала дзятва ў новай актавай зале – светлай і прыгожай.
– Хай такіх аб’ектаў будзе больш, – пажадаў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. – А для гэтага патрэбны не толькі сродкі, але і жаданне саміх браслаўчан жыць і працаваць лепш, клапаціцца пра свой горад і яго развіццё.