Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: vitoblisp@vitebsk.by
Телефон: (+375-212) 42-57-57
Факс: (+375-212) 42-57-81
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

У Мiёрах урачыста адкрылі цэнтральную раённую бальніцу

01.06.2018 Адкрыцця цэнтральнай раённай бальніцы жыхары Міёршчыны чакалі больш за два дзесяцігоддзя. Пачатак будоўлі саўпаў з распадам Савецкага Саюза, калі да правінцыяльнай бальніцы нікому не было справы. Пазней яе ўзвядзенне не раз  спрабавалі закончыць. Толькі справу зрушыць з мёртвай кропкі не ўдавалася, пакуль на даўгабуд не звярнуў увагу кіраўнік краіны. На ўвод бальніцы ў эксплуатацыю быў дадзены год.



Дзякуючы Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэту дзяржкантролю Беларусі міёрская медустанова ўвайшла ў інвестыцыйную праграму. Па ёй рэспубліканскі бюджэт і Віцебская вобласць вылучылі на завяршэнне будоўлі па 4 млн рублёў. А Міністэрства аховы здароўя на 1,8 млн рублёў закупіла абсталявання.



I вось на днях сучасная раённая бальніца, будынак якой пачалі абжываць медыкі і пацыенты яшчэ 8 траўня, была афіцыйна адкрыта. Яе ўвод у эксплуатацыю не толькі павысіць ўзровень аказання дапамогі мясцовым жыхарам, але і дасць магчымасць рэалізаваць ўнікальны праект у сферы аховы здароўя, аналагаў якому сёння ў краіне няма. У бліжэйшы час побач з Міёрскай ЦРБ можа з'явіцца першая ў Беларусі клініка, сертыфікаваная па еўрапейскіх стандартах.




Падчас ўрачыстага мерапрыемства старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьў падкрэсліў значнасць падзеі: жыхары Міёршчыны атрымалі магчымасць для якасна новага медыцынскага абслугоўвання, а медыкі – выдатныя ўмовы для  аказання дапамогі. Каб такое стала магчымым у максімальна кароткі тэрмін, паклапаціліся многія, у тым ліку будаўнікі “Полацксельбуда” і яшчэ больш за  20 арганізацый.

Новая Міёрская ЦРБ – гэта зручны кампактны медыцынскі гарадок. Трохпавярховы лячэбны корпус разлічаны на 120 ложкаў. Побач – адміністрацыйна-гаспадарчы корпус і харчблок. Кіраўнік дэпутацкага корпуса напярэдадні прафесіянальнага свята  пажадаў медыкам, каб работа прыносіла задавальненне і мела плён.

– Здзейснілася даўняя мара жыхароў раёна – яны атрымалі новую сучасную бальніцу, – канстатаваў старшныня райвыканкама Ігар Кузняцоў і падзякаваў усім, хто займаўся гэтым.
Галоўны урач ЦРБ Алена Сівая і яе намеснік  Святлана Бірукова з задавальненнем паказвалі гасцям палаты, расказвалі  пра атрыманае абсталяванне.  Дэманстравалі інкубатар для выхажвання неданошаных дзяцей, адзін з трох, што маюць лячэбныя ўстановы краіны, спавівальныя сталы з падагрэвам, найсучасныя апараты для ратавання чалавека ў рэанімацыі, лічбавы рэнтген-апарат, аснашчэнне аперацыйнага блоку.
Першыя пацыенты ўжо  ацанілі камфортнасць палат з гарачай вадой, санвузламі, новай мэбляй, якасць лячэння. Пра гэта гаварыла жанчына, якая некалькі дзён назад нарадзіла тут дзіця, як і другая, што была ў педыятрычным аддзяленні з захварэўшай дачкой.  Не шкадаваў удзячных слоў для медыкаў мужчына ў рэанімацыйнай палаце,  які нядаўна перанёс інфаркт.

Адным словам, надзеі жыхароў  Міёршчыны спраўдзіліся. Узнагароды за выкананую работу атрымалі будаўнікі, ключ ад будынка бальніцы – яе галоўны урач, а таксама сертыфікат ад райвыканкама на пакупку машыны хуткай дапамогі. Мясцовыя артысты ўпрыгожылі ўрачыстасць песнямі і танцамі.

ТАМАРА ПАШКЕВІЧ, фота аўтара, "Витебские вести".

Теги : здоровье, медицина, Миорский район
Версия для печати