Уладзімір Генадзьевіч мае дзве вышэйшыя адукацыі — сельскагаспадарчую і фінансава-крэдытную. У яго ёсць вопыт работы на розных пасадах у органах дзяржаўнага кіравання і банкаўскай сферы.
У сваёй прамове пасля галасавання новы старшыня райвыканкама адзначыў, што галоўным і для яго, і для кіраўнікоў арганізацый стане занятасць насельніцтва, стварэнне новых працоўных месцаў і павелічэнне ўзроўню заработнай платы. Разам з сельскай гаспадаркай адным з важнейшых напрамкаў, які будзе развівацца ў раёне, стане аграэкатурызм і выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Трэба прыцягваць да гэтай справы прадпрымальнікаў-землякоў, дзелавых людзей з іншых рэгіёнаў.
У. Аўдошка лічыць, што камфортныя ўмовы для жыцця і правядзення вольнага часу ва Ушачах ёсць, засталося дабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. З гэтым пагадзіўся і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які зазначыў, што вобласць дастаткова ўвагі ўдзяляе рэгіёну: дапамагалі аднавіць мемарыяльны комплекс «Прарыў», спрыяюць будаўніцтву фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Вядома, зазначыў Уладзімір Уладзіміравіч, умовы гаспадарання на Віцебшчыне, асабліва ў сельскай гаспадарцы, больш складаныя, чым у заходніх рэгіёнах краіны. Аднак марна спасылацца на цяжкасці. Трэба працаваць па-новаму, закасаўшы рукавы, думаць, як засяляць пустыя дамы ў сельскіх населеных пунктах, не баяцца прапаноўваць маёмасць, якая не выкарыстоўваецца: няхай і за адну базавую велічыню. Гэта лепш, чым яна будзе разбурацца. Трэба ўсё рабіць для інвестараў — няхай прыходзяць і працуюць.
Уладзімір Цярэнцьеў пажадаў Уладзіміру Аўдошку і ўсяму актыву раёна аб’яднацца, «як вы гэта ўмееце рабіць», дзеля дабрабыту рэгіёна, і ўручыў новаму старшыні райвыканкама службовае пасведчанне.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ. Фота аўтара. «Патрыёт».